Выведзена ў пач. 20 ст. ў Латвіі скрыжаваннем мясцовых грубашэрсных і помесяў танкарунных авечак з англ. мяснымі караткашэрснымі пародамі шропшыр і оксфардшыр. Паўтанкарунная, скараспелая, мяса-воўнавага кірунку. Найб. пашыраная на Беларусі парода, гадуюць у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.
Жывая маса бараноў да 110 (найб да 150), матак да 65 (найб. да 95) кг. Галава кароткая і шырокая. Шыя кароткая, мясістая. Грудзі, спіна і паясніца шырокія. Касцяк моцны. Воўна даўж. 8—11 см. Гадавы настрыг з бараноў 5—6, з матак 3,5—4,5 кг, выхад чыстай воўны 55—60%. Пладавітасць 130—160 ягнят на 100 матак.